Вход/Регистрация
Лявон Бушмар
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

За дзiкаю, яшчэ бацькаўскаю палявою грушаю мяжа была развернена плугам. Нават спачатку, пакуль яшчэ не закiпела думка, ён з гаспадарскай прывычкi падумаў быў: "Нейкi няўмека зворваў", - а пасля раптам усё патанула ў мiтусеннi навакольнага зямнога змроку i надлеснай ясноты. Усё скрозь пабiта было разорамi на дзялянкi - пачатак позняга зябу. Далёка чарнеў у змроку хутар. Разоры вялi Бушмара да самай агароджы. Дзiка кiнуўся ён у хату да Галены.

– Наша поле вунь там, - сказала яна, паказваючы яму ў акно за сад.
– На тры душы пакiнена нам. От нядаўна ўсё зрабiлася. Я ж пiсала табе.

– Без мяне?!

– А што ты памог бы?

Яна глядзела яму ў вочы, прасiла позiркам не думаць пра гэта. Вочы ў яе былi гэтакiя, як тады, калi ён першы раз убачыў быў яе на судзе. Вочы гэтыя палiлi яго. I гэта яшчэ больш узняло ў iм навальнiцу страшнага ўтрапення, падобна было тады, як калiсьцi першы раз пасля паверкi сеў ён на ложак у казарме i як першы раз зачынiлi яго ў допраўскай камеры. Ён кiнуўся з лямпаю раптам да калыскi.

– Чаго ты ўглядаешся гэтак?
– здзiвiлася Галена на страшны неспакой яго панурага твару.

– Гэта мой?

Яна гнеўна, горда стала перад iм:

– Твой!

– А не хлусiш?

Яна ўзняла галаву i адышла моўчкi.

– Ага, чаго ж ты змоўкла?!

Ёц пачынаў ужо крычаць. Яна стаяла напроцi акна.

– Мусiць, грэх нейкi ёсць, калi маўчыш!

– Ёсць!
– адказала яна, павярнуўшыся да яго.

– Гавары!

– Не скажу.

– Скажы!

– Не!

– Дык я зараз iначай пагавару.

– Нiяк ты iначай не пагаворыш.

– Гавары, хто прыходзiў да цябе.

– Хто толькi хацеў, той i прыходзiў.

– Скажы!

– Не скажу.

– Скажы...

Яна стаяла перад iм, не зводзячы з яго вачэй. Ён усё гаварыў: "Скажы... скажы..." Раней крычаў, пасля пачаў прасiць. Прасiў доўга, раптам рабiўся мяккiм - дзiўным нават для Галены, то зноў узнiмаўся да сваёй звярынай сiлы ў голасе. Бiў тады кулакамi аб стол, пасля зноў ападаў да просьбы, а яна глядзела, як ён варочаецца, i ўсё сцвярджала:

– Не скажу.

Нарэшце ён абяссiлеў. Пайшоў з хаты, гукнуў за сабою Галаса. Як вiхор прамчаўся да лесу i праз лес, iшоў, сам не думаючы куды. У лесе моцна шастала пад цяжкiмi ботамi яго не зляжалае яшчэ лiсце, за лесам - гучна шоргаўся аб абцасы жвiрысты пясок на дарозе. Бушмар нагадваў штосьцi бязлiтаснае i цяжкае, што ўсё крышыць дашчэнту пад нагамi сваiмi, сцiрае ўсё з твару зямлi i, не заўважваючы гэтага, у iмя сваiх адчуванняў свету для сябе аднаго. Малыя i слабейшыя iстоты ратуюцца, уцякаюць з-пад гэтага страшнага ходу, але iх нiхто не заўважае. Тут толькi дзiкасць i выпадковасць, што i хто пападзецца пад бот?! Хто i што будзе растаптана насмерць?! Хто i што застогне пад ботам, развiтваючыся з жыццём?

Бушмар шукаў свайго спакою ў шпаркай хадзе. I толькi цяпер загаварылi сорак вёрст дарогi за дзень. У нагах з'яўлялася цяжкасць, ападаць пачалi нездаваленне, страх, злосць, нянавiсць, трывога... перад iм чарнелi сцены i стрэхi, мiльгацелi святлом вокны. Даўно не быў тут Бушмар. Ён цураўся гэтага месца даўно ўжо, аж з самага здарэння з паручнiкам, а цяпер i пагатоў. Каля крайняй хаты ён стаў, пакуль узыходзiць пачала на думку вялiкая патрэба яго рушыць зараз жа адсюль.

– Здароў, Бушмар!

Бушмар здрыгануўся. Ён не заўважыў быў, што ў варотах стаялi людзi. Некалькi чалавек. Цяпер ён пазнаваў тутэйшых хлопцаў. Яму нядобра стала пры iх.

– Як маешся, Лявон?

– Нечага ж да нас?

Бушмар не гаварыў нiчога. Да яго падышлi. Цяпер ён пазнаў i Андрэя тут, штосьцi там гаварылi каля яго цi то з iм, цi то самi з сабою, але ён не чуў пра што. Толькi кальнула яго Андрэева слова. З гэтага ён i чуць пачаў гаворку:

– Кагадзе што пра цябе мне Вiнцэнты ўспамiнаў. Нешта вельмi не любiць ён цябе.

I тут прайшло ўсё ранейшае. Выразна вырасла перад усiм адно вялiкае i найважнейшае цяпер: нянавiсць да Андрэя.

– А ты яго цi не нацкоўваеш на мяне?!

– Хiба мне работы iншае няма?

– А што табе больш рабiць? Табе iншае работы i не трэба.

– Чаму ты гэтак думаеш?

Бушмар чуў на сабе зняважлiвы i злосны Андрэеў зiрк, бачыў, як той падступiў блiжэй.

– Я не думаю, а на сабе бачу тваю работу. Я яе пачуў добра! Можа, лепш ужо i чуць не трэба.

Ён стрымлiваў моцнае жаданне змяшаць Андрэя з зямлёю.

VI

Што ён там гаварыў з Андрэем цi Андрэй гэта з iм - Бушмар не памятаў, штосьцi ён адказваў, а то маўчаў у злосцi. Толькi пасля ўжо, калi Андрэй знiк недзе з-пад яго, ён адчуў яго гаворку. Не ўспомнiў, а адчуў. Той кiдаў словамi як каменнямi, а як дагаварыўся Андрэй да сваёй гэтай казанi, не iшло на памяць.

– ...Ты дзе нi павернешся, усюды прыкрасць, а можа, што i большае каму зробiш. Як бы ўвесь свет табе павiнен быць...

– Я на чужое не лезу, - закрычаў Бушмар, - каб адно нiхто мяне не чапаў! Не чапай мяне!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: