Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

У хату ўвайшоў Данік.

— А-а, Даніла! Здароў, брат! — Кузьма падняўся насустрач, высока ўзняў руку, каб ляпнуць далоня ў далоню, пасяброўску, з размаху. Але Данік працягнуў руку не адразу, i шчырага прывітання, як чакаў Кузьма, не атрымалася. A Данікаў позірк, нахмураны, непрыветлівы, спадылба, урэшце вывеў паліцая з раўнавагі.

— Што ты на мяне ваўком глядзіш? — спытаў ён спачатку ціха, потым злосна крыкнуў на ўсіх: — Што вы на мяне ўсе так гледзіцё? Як на ворага… Што я вам зрабіў? — Акрамя злосці, у гэтым выкрыку былі роспач i страх.

— Гэта табе здаецца, Кузьма, — проста, па-сваяцку, але як старэйшая малодшаму сказала Поля. — Даніла на ўсіх так глядзіць. У яго характар такі.

Але Кузьма ператварыўся ўжо з брата ў суровага начальніка паліцэйскай варты, які адчуваў сваю ўладу над людзьмі. Ён караў за позірк, які яму не спадабаўся.

— Вось што… ты, брат, — злосна кінуў ён Данілу, — не думай, што мне невядома, чаго ты па лесе бадзяешся… Людзі бачылі. Зараз жа здай усё, што знайшоў… А то я буду з табой іначай гаварыць!

Юнак пільна паглядзеў на паліцэйскага, i раптам твар яго расплыўся ад шырокай задаволенай усмешкі.

Нічога не сказаўшы, Данік выйшаў з хаты. A хвілін праз пяць прынёс рускую вінтоўку без затвора, нямецкі аўтамат з раструшчаным прыкладам i цынкавую скрынку патронаў.

— Вось што я знайшоў… Бяры, — працягнуў ён зброю Кузьме ўсё з той жа задаволенай усмешкай, быццам радаваўся, што знайшлося каму перадаць.

Поля ажно ахнула:

— Божа! Ты хаваў такія цацкі? На шыбеніцу захацеў, дурань гэткі?

— Усё? Больш нічога няма? — сурова спытаў Кузьма, разглядаючы аўтамат i мяркуючы, ці можна яго адрамантаваць: было б чым выхваляцца перад іншымі начальнікамі пастоў, бо зброі ў ix не густа.

— Я на шыбеніцу не хачу, — адказаў Данік.

Кузьма зарагатаў i па-сяброўску ляпнуў яго па плячы:

— Правільна, братыш! Малайчына. Глядзі, які ты вырас! Я цябе гады два не бачыў! Мужчына! Будзеш правільна весці сябе — у паліцыю вазьму. Хочаш?

— Поля не пусціць, — пакорліва i наіўна схіліў галаву Данік, хітра іграючы на пачуццях старэйшай сястры.

А Поля пасля гэтых слоў як бы зноў адчула сваю ўладу над ім.

— Што ты плявузгаеш, Кузьма? Паліцая знайшоў! Вось вазьму папругу — усю скуру спушчу на тваім паліцаі. Я яму яшчэ гэтыя цацкі не дарую. Знайшоў, што цягнуць у хату!

— Ого, строгая яна ў цябе… маці,— жартаўліва штурхнуў Кузьма юнака.

— Каб i цябе маці з рук не выпусціла, можа, чалавекам астаўся б, — забылася Поля на асцярожнасць, якой прытрымлівалася ў размове з ім.

Кузьма нахмурыўся:

— Ну, ну… Што ж я цяпер — не чалавек, па-твойму?

«А ты яшчэ лічыш сябе за чалавека? Здраднік ты, а не чалавек!» — вельмі хацелася Сашы крыкнуць з печы ў твар яму гэтыя пякучыя словы. Але яна стрымалася: навошта нажываць ворага, ды яшчэ i раздражняць яго. Выконваючы зарок, які дала сабе, яна не сказала больш ніводнага слова, пакуль паліцай размаўляў з Данілам i Поляй. Калі ж ён нарэшце, забраўшы зброю, развітаўся, па ўсім відаць, задаволены сваім візітам, сваёй уладай над людзьмі, Саша ca знявагай кінула брату:

— Заечая твая душа!

Ён змаўчаў на гэтую абразу. А Поля ўхваліла яго ўчынак:

— Што ты, Саша! Дзякуй Богу, што ў яго хапіла розуму аддаць гэта Кузьме, усё-ткі свой чалавек. Немцы знайшлі б — страшна падумаць, што маглі б зрабіць.

Але калі праз колькі дзён Данік пачаў наведвацца ў школу, дзе размяшчаўся паліцэйскі пост, i весці сяброўства з Кузьмой i Колькам Трапашам, Поля катэгарычна запатрабавала:

— Каб нагі тваёй там не было!

Саша падтрымала старэйшую сястру:

— Як табе не сорамна! А яшчэ плакаў над Алёшам Кошалевым i над дзедам… А цяпер цябе да паліцаяў пацягнула. Эх, ты!.. Хутка сваіх людзей пачнеш забіваць…

— Не ваша справа, — агрызнуўся брат.

— Ах, не наша?.. Ну дык ідзі!.. Ідзі, ліжы немцам боты, кланяйся ім…

Юнак здрыгануўся, нейкі дзіўны цень упаў на яго твар. Ён утаропіў на Сашу вочы, у якіх таксама быў гэты цень. А яна, расчырванелая, узрушаная, з гнеўным бляскам у вачах, стаяла перад ім i сціскала кулакі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: