Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Пасля абеду, калі Саша зноў мыла бялізну, якую ёй падкінулі іншыя салдаты, на двары бальніцы з'явіўся стары з мокрай кайстрай. Яна пазнала яго: той сварлівы лодачнік, што перавозіў ix у мінулым годзе i спачатку запрасіў сто рублёў. Вартавы спыніў яго. Ён выцягнуў з кайстры вялікага ліня.

— Рыбы прынёс пану начальніку. За ласку яго, што човен вярнулі. Мне ж хоць гіамірай без яго, без чоўна. Во хачу аддзякаваць…

Фон Штуме выйшаў сам на ганак. Стары пакланіўся яму. Саша чула ix размову. Афіцэр пільна аглядаў кожную рыбіну i гаварыў:

— Ты іст хітры русіш альтэр ман… Як то? Дзед. О, дзед… Ix знайт, ты памагай партызан. Я, я… Ix знайт… Мой зольдат будзе лавіт цебя… Ix буду вешай цебя тут, — ён паказаў на таполю.

— Ды няхай я, пан-гаспадзін, не сыду з гэтага месца, калі я бачыў ix у вочы, партызан гэтых. Вось жа набрахаў нехта на старога чалавека.

— Вас іст набрахаў?

— Кажу, нагаварыў хтось на мяне. Які я партызан! Смех ды грэх. Мне восемдзесят гадоў.

Афіцэр паківаў яму пальцам:

— Ты ошань хітры… Шляўфукс [14] …

Калі афіцэр пайшоў, загадаўшы салдату занесці рыбу на кухню, стары накіраваўся да Сашы. Здалёк гукнуў:

— Дай, маладзічка, вады напіцца. А то, пакуль усцягнуў свае старыя косці на кручу, сем патоў выліў.

Саша паднесла яму няпоўнае вядро. Ён падняў яго, закрыўся i глуха сказаў у вядро:

— Саша? — глянуў адным вокам, ці кіўнула яна. — Выбірайся, маладзіца, адгэтуль, пакуль ціха. Але дадому не ідзі. Правал. Каля хутара звернеш са шляху налева, у сасоннік, i далей пойдзеш паўз балота. Цябе сустрэнуць.

14

Ліс (ням.).

Сказаў, паставіў вядро i паклыпаў прэч.

Саша ведала законы канспірацыі i ніводным рухам не выдала сябе. Але як закрычала сэрца: Ленка!

VII

Другі дзень Лялькевіч i хлопцы сядзелі на дарогах, што вялі ад Дняпра да Сожа, — пільнавалі Сашу, каб яна не пайшла дадому, не трапіла ў рукі фашыстаў.

Адразу ж, як толькі ў атрад з'явіліся падпольшчыкі з Поляй, Ленкай i сумным паведамленнем аб гераічнай смерці дзядзькі Аляксея, Уладзімір Іванавіч папрасіў у Дзеда людзей, каб пайсці шукаць Сашу.

Капыткоў недарэчна прабурчаў тады:

— Распыляем людзей перад аперацыяй.

Уладзіміра Іванавіча, моцна ўзрушанага падзеямі ў вёсцы, смерцю Аляксея Сафронавіча, гэта ўзарвала.

— Вы зноў за народам не бачыце чалавека! Аперацыя, каб узняць дух народа? А чалавека, значыцца, можна аддаць у лапы гестапа?

— Гэта вы правалілі арганізацыю! А цяпер хочаце апраўдацца! — у сваю чаргу ўскіпеў Капыткоў.— Адчувалі правал i ўцяклі ў лес!

Лялькевіч задыхнуўся. Такая абраза! Упершыню ў жыцці ён страціў уладу над сваімі пачуццямі, i рука пацягнулася да пісталета.

Піліпенка стаў паміж імі. Капыткоў зразумеў, што сказаў лішняе, i пачаў «біць адбой»:

— Прабач. Але ты першы пачаў. Ты першы абразіў мяне: выйшла так, што я хачу, каб наша сувязная трапіла ў гестапа. Глупства.

Капыткоў нерваваўся. Цяпер, калі атрад рэарганізоўваўся ў брыгаду, вярнуўся гэты Лялькевіч. Ці не таму, каб заняць месца камісара брыгады? Жыццё Капыткова прайшло ў турботах за свае званні i чыны. Акружэнне, лічыў ён, сапсавала яму кар'еру. Каб выправіць сваё становішча, яму вельмі трэба заняць месца камісара брыгады. А таму ён баяўся Лялькевіча, якога ўсе любілі i паважалі, i хацеў хоць як-небудзь прынізіць яго.

Лялькевіч сам не здагадваўся аб гэтым. Сказаў Дзед, калі яны засталіся адзін на адзін. Уладзімір Іванавіч абурыўся яшчэ больш, a хітры Піліпенка смяяўся. Ён любіў пакпіць, пасмяяцца з чалавечых слабасцей — без злосці, калі гэта свой чалавек.

— Не звяртай увагі. Стары, хворы чалавек. Пакалечаны вайной. A ў аснове сваёй ён добры дзядзька, сумленны камуніст. Умее пагаварыць з людзьмі…

— Ты, чорт цябе вазьмі, робішся нейкім талстоўцам: усе ў цябе добрыя, усім даруеш… — сказаў сярдзіта Лялькевіч.

— Усім, акрамя фашыстаў i здраднікаў…— адпарыравау Макар.

— Ты дасі мне людзей? Ці я пайду сам.

— А Бог мой! Як табе не сорамна! Бяры сваіх хлопцаў, Дажору з яго «яснавідцамі» i ляці ва ўсе канцы свету.

А крыху пазней з хлапечай цікаўнасцю i сяброўскай шчырасцю Макар спытаў:

— Скажы, табе вельмі дарагая гэта жанчына?

— Мне дораг чалавек! — зноў-такі ўзлаваўся Лялькевіч.

Цяпер ён ляжаў пад разгалістым дубам на краі балота трохі заспакоены, успамінаў гэтую сутычку i папракаў сябе за лішнюю раздражнёнасць. Безумоўна, правал арганізацыі ўразіў яго больш, чым любога іншага. Але нельга не згадзіцца з Макарам i самімі падпольшчыкамі, што фінал ix дзейнасці даволі шчаслівы. Правесці амаль усіх людзей у атрад — гэта перамога, а не паражэнне. I за пытанне Макара ён дарэмна ўзлаваўся. Але Саша вельмі дарагі яму чалавек. Як таварыш па барацьбе, як друг i — навошта хавацца? — як жанчына. У спакойных абставінах ён i Макару не пасарохмеўся б прызнацца, што кахае яе глыбока, шчыра i цяпер ужо, безумоўна, безнадзейна. Ён ляжаў, выцягнуўшыся, адпачываючы пасля бяссоннай ночы i верхавой язды, ад якой адвык. Недалёка ў кустах фыркалі ix коні. А на дубе сядзеў Данік — назіраў за дарогай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • 153
  • 154
  • 155
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: