Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Не спіцца Дзеду.

— Ад такога шуму ўвесь лагер мог падняцца.

Дзед — камандзір атрада Макар Піліпенка — убачыў Лялькевіча i адразу вырас у поўны рост — выскачыў, як той асілак з бутэлькі. На асілка, праўда, ён быў мала падобны, але бараду меў па пояс. Босы, у адным армейскім галіфэ i бруднаватай майцы, ён пайшоў насустрач Лялькевічу, шырока расставіўшы рукі. Абняў шчыра, заказытаўшы вуха i шыю барадой.

— Валодзя, друг! — i ўстрывожаным шэптам спытаў: — Што здарылася?

— Але ж i памяло ты адрасціў,— пажартаваў у адказ Лялькевіч.

Піліпенка хутчэй цягнуў яго ў зямлянку. Барадаты камандзір, якога звалі Дзедам не толькі партызаны, але i навакольнае насельніцтва i немцы, у сапраўднасці быў зусім малады чалавек, аднагодак Лялькевіча. Яны многа год ведалі адзін аднаго — Піліпенка працаваў прапагандыстам райкома партыі. Пасябравалі ў атрадзе самааховы, калі лавілі нямецкіх парашутыстаў. Камандзірам атрада быў начальнік райміліцыі, яны абодва — яго намеснікамі. Калі пры набліжэнні немцаў райком даў загад — стварыць з лепшых людзей ядро партызанскага атрада, начальнік міліцыі «адлучыўся па службовых справах». Лялькевіч i Піліпенка з дзесяткам надзейных хлопцаў, камуністаў i камсамольцаў, перабраліся з правага берага Дняпра ў лясное міжрэчча. Праз нейкія два месяцы ix атрад стаў самым буйным у гэтым раёне.

З самага пачатку яны мелі сувязь з сваім сакратаром райкома, які ўзначальваў другі атрад у паўночнай частцы раёна, на правабярэжжы. Пазней ім было даручана звязацца з Гомельскім падпольным гаркомам i з атрадамі, якія дзейнічалі ў паўднёвых лясах Гомельшчыны.

Здавалася б, па логіцы належала матэматыку Лялькевічу стаць камандзірам, а прапагандысту Піліпенку — камісарам. Але атрымалася наадварот. З першых жа дзён i Лялькевіч i ўсе астатнія ўбачылі, што Макар народжаны, каб камандаваць, арганізоўваць i весці людзей у бой. А Уладзіміру Іванавічу больш падыходзіла роля палітычнага настаўніка, выхавацеля.

Шчырая ў ix была дружба, сапраўдная, такая, што яднае на ўсё жыццё. Таму Піліпенка вельмі ўзрадаваўся, убачыўшы сябра, але адначасова i ўстрывожыўся: Лялькевіч сам у атрад прыходзіў рэдка.

— Макар, скажы, ты хоцьфотаздымак сваёй брыгады зрабіў? Гэта ж, ведаеш, паказаць некалі! Во быў дзед… у дваццаць шэсць гадоў… У цябе i ў сто такой барады не будзе…

— Ты маёй барады не чапай.

Упэўнены, што выключныя абставіны прывялі Лялькевіча ў атрад, камандзір зачыніў дзверы, каб той хутчэй пачаў расказваць.

Праз маленькую адзіную шыбку цадзілася скупое ранішняе святло.

— Навошта ты зачыніў? Дыхаць няма чым. — Лялькевіч піхнуў цяжкія, як у склепе, дзверы рукой.

— Палюбіў ты прастору. Не цягні ката за хвост. Не люблю… Сапраўды нічога не здарылася ці ты прыкідваешся?..

— Далібог, нічога… асаблівага… для ўсіх нас… Хіба для лёсу двух-трох чалавек…

Лялькевіч з цікавасцю агледзеў зямлянку. Вось дзе з Піліпенкі вылез прапагандыст, арганізатар раённага музея! Зямлянка, што выстаўка народнага мастацтва. Ад столі да падлогі ўся завешаная саматканымі дыванамі, дарожкамі, пасцілкамі, ручнікамі, настольнікамі з беларускім i ўкраінскім арнаментамі. Нават навалачкі на падушках вышываныя, як у багатых нявест.

— Дзе ты такога дабра нахапаў?

— Фу, чорт! Ты ca мной гаворыш, як з паліцаем якім! Нахапаў»! Нямецкую пошту хапнулі. Пасылачкі заваёўнікі адсылалі з такім дабром. Экзотыка.

Прачнуўся камісар атрада Капыткоў, які замяніў Лялькевіча, калі яго раніла.

Камісар — чалавек сталы, гадоў на пятнаццаць старэйшы за камандзіра, з прыкметнай сівізной на скронях, з шыракаскулым выразным тварам. Ён стары армеец, мае саліднае званне — батальённы камісар. Абкружэнец. Да атрада далучыўся ўвосень з групай байцоў. Разумны, адукаваны, з багатым вопытам, але, як многія старыя вайскоўцы, залішне самаўпэўнены i самалюбівы. Даведаўшыся, што атрадам камандуе чалавек, які тры гады назад вярнуўся з арміі ўсяго з двума трохкутнічкамі на пятліцы, Капыткоў праз тыдзень патрабаваў перадаць камандаванне яму. Тады Лялькевіч з ім моцна счапіўся. Прыйшлося ўмяшацца падпольнаму райкому i далікатна пагутарыць з батальённым камісарам.

— А-а, Лялькевіч! Здароў,— прадзіраючы вочы, прагудзеў Капыткоў.

— Добрай раніцы, Сяргей Мікалаевіч.

— Які вецер цябе прынёс?

Лялькевічу не спадабалася, як ён спытаў. Нельга сустракаць такім пытаннем чалавека, які вярнуўся дадому, у родную сям'ю. Уладзімір Іванавіч не адказаў.

Піліпенка паспяшаўся загладзіць няёмкасць. Добрая душа, ён перажываў, калі паміж яго людзьмі ўзнікала непрыязнасць.

— Ты ведаеш, — звярнуўся ён да Лялькевіча, — у нас ёсць трывожныя звесткі… таму мы такія наэлектрызаваныя. У Гомелі правалы. Праўда, здаецца, не ў тых трупах, з якімі звязаны мы… праз цябе i тваіх падпольшчыкаў. Але многія групы маюць сувязь паміж сабой. Вось i кальнула, брат, калі я ўбачыў цябе. I Сяргей Мікалаевіч…

— Аб правалах я чуў,— сказаў Лялькевіч. — Мы прынялі захады, каб засцерагчыся.

Капыткоў узняўся на ложку, упёрся рукамі ў калені, цяжка закашляўся: з вясны яго душыў астматычны бранхіт.

— Хочуць паралізаваць усё адразу, — праз кашаль сказаў ён.

— Але, націскаюць, гады. Падступілі да Сталінграда, пруць на Каўказ… I тут. Адкуль у ix, чарцей, сіла? Панатыкалі гарнізонаў усюды. Асабліва ў нас, у міжрэччы. У кожнай прыбярэжнай вёсцы нямецкі гарнізон. Дзе былі румыны, мяняюць, не давяраюць… Якога д'ябла ім трэба тут? Не можам зразумець… Ці то яны хочуць суднаходства развіваць, ці нас у клешчы ўзяць, каб прыціснуць да ракі i патапіць… Калі ў ix такі намер — дурні ix камандзіры! Ты ведаеш, чым мы адказваем ім? — Маленькія вочы над дрымучай пораслю барады радасна заблішчалі. Піліпенка панізіў голас i нахіліўся да Лялькевіча, які сядзеў на яго ложку i адвязваў свой пратэз, каб даць адпачыць назе. — Аб'ядноўваемся ў брыгады. Але, у партызанскія брыгады! Наш Чацвяртак ужо камандзір брыгады. Аб нас яшчэ не вырашана — куды. Можа, мы зробімся ядром асобнай брыгады. Будзь упэўнены! Дзед яшчэ можа быць камандзірам брыгады! А што? — жартаўліва прыняў ён важную паставу i пагладзіў бараду. — З такой барадой я далека магу пайсці!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: