Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Раніцой, калі я сам стаяў на пасту, камбат падняўся на скалу. Павітаўся, уважліва агледзеў наваколле i зацягнутае хмарамі неба.

— Што ж, пост зручны ва ўсіх адносінах, — адзначыў ён, углядаючыся ў прастор возера, потым закурыў i пажартаваў: — Жывеш ты, Шапятовіч, тут, як Бог.

Я адчуў, што гэта самы зручны выпадак, каб папрасіць аб тым, пра што даўно думаў.

— Таварыш маёр! Накіруйце мяне на фронт… Не магу я… Сорамна. Зразумейце, сорамна… з дзядамі лысымі ацірацца тут…

Маёр кінуў недакурак уніз, у возера. Лоб пад шапкай стаў як гармонік — увесь у зморшчынах. Адказаў не адразу:

— Па-вашаму, значыцца, тут можна абысціся аднымі дзядамі, як вы кажаце? Сабраць сляпых, глухіх, без ведаў, без падрыхтоўкі? Дрэнна вы разумееце значэнне нашай службы, Шапятовіч. — I сказаў жорстка, як загадаў: — Служыце сумленна там, дзе вас паставілі!

Я ўнутрана сцяўся, чакаючы, што ён папракне мяне гісторыяй з Кідалам. Не. Жураўлёў не з тых людзей. Ён памаўчаў, скруціў другую цыгарку i сказаў лагодна, пасяброўску:

— А на фронт трапіш, не гаруй. Не заўтра вайна канчаецца. Людзі спатрэбяцца. Я вось… дацэнт, палітэканомію выкладаў. Вайна пачалася, апалчэннем камандаваў, умацаванні будаваў пад Ленінградам. Потым вывезлі мяне з блакады, апухлага ад голаду, падлячылі i сказалі…

22 мая

Які радасны дзень! Радасны ўдвая. Учора Тамара Раманаўна дазволіла мне выходзіць гуляць. Але ўчора ішоў дождж. А сёння ўсё заліта сонцам, дыхае напоеная жыццятворнай вясновай вільгаццю зямля. I такая цеплыня! Для мяне — казачная, неверагодная, бо здаецца, што я адразу, у адзін дзень, перакінуўся са снежнай пустыні, дзе гуляла марозная пазёмка, у квітнеючую падмаскоўную вясну. Падмаскоўную! Ад таго, што я пад Масквой, таксама радасна.

Усю раніцу я гуляў па лесе навокал шпіталя. Стромкія, гаманлівыя меднастволыя сосны — такія ж i ў нас, над Сожам i Дняпром. Часам у забыцці мне здавалася, што гэта той лес, каля якога я вырас, нават асобныя дрэвы знаёмыя, мае дзіцячыя сябры! I мне хацелася размаўляць з імі гэтак жа, як у маленстве.

А перад прыгожым белым фасадам галоўнага корпуса (да вайны тут быў санаторый) цвіце бэз, быццам шызым дымам апавіла зялёныя кусты. Найлепшы ў свеце водар напауняе наваколле — водар бэзу i сасны. Дыхаеш i адчуваеш, як прыбываюць сілы. За адзін дзень я намнога паздаравеў. Цудоўная рэч — жыццё!

Гуляючы, я ўбачыў, што аднаму з байцоў, якога выпісалі са шпіталя, аддалі яго франтавы рэчавы мяшок. Значыцца, у асобных выпадках рэчы раненых вязуць разам з імі ў тыл.

Я кінуўся да сваёй сястры.

— Жэня, мілая, там сяму-таму аддаюць ix рэчы. Можа, i маё што ёсць? Ці нельга даведацца?

Яна ўсміхнулася цёпла, ласкава, у яе заўсёды кожнаму раненаму такая ўсмешка — як сённяшні майскі дзень.

— А што ў вас, скарб там, што вы так хвалюецеся?

Я на момант сумеўся, але тут жа вырашыў прызнацца шчыра, яна разумная i чулая дзяўчына, масквічка, дачка прафесара.

— Дзённік у мяне.

— Дзённік?

— З пачатку вайны я вёў дзённік.

Я не памыліўся, яна зразумела.

I вось — якое шчасце! — ён зноў у маіх руках, знаёмы, родны, зашмальцаваны агульны сшытак, дробненька спісаны ў кожкую клетачку — трэба было эканоміць паперу.

Я сяджу адзінока ў дальняй альтанцы пад соснамі i размаўляю з ім, як з самым верным другам. Перагартаў, перачытаў, успомніў… Апошні запіс, які абрываецца словам «сказалі». Я не мог дапісаць, што сказалі маёру Жураўлёву…

Пісаў я позна ўначы пры святле газнічкі, зробленай з гільзы буйнакалібернага кулямёта. Побач бестурботна спалі Чуб i Самародаў. Чуб смешна хроп, з подсвістам. А за дзвярамі тонка свістаў вецер, той своеасаблівы вецер, які здзірае самы верхні пласт снегу, узнімае тонкія снежныя пылінкі i нясе ix бясконца ў адным напрамку. Такая пазёмка засыпае след за пяць мінут.

Раптам адчыніліся дзверы, вецер калыхнуў полымя газнічкі. Сушылаў, які стаяў на варце, прашаптаў трывожна i таямніча:

— Камандзір! Сюды!

Я накінуў кажух, выскачыў. Вартавы хутка падымаўся на скалу, я за ім. Ён не стаў там у поўны рост, як звычайна, а лёг за камень, прашаптаўшы мне:

— Лажыся!

Я ўпаў побач з ім.

— Бачыш? — паказаў ён на возера.

Я пільна ўгледзеўся, але нічога не ўбачыў.

— Лыжнікі. Многа лыжнікаў. Ідуць ланцугом. У маскхалатах. Ты ix так не ўбачыш. Цені. Звярні ўвагу на цені. Ах, чортава свяціла!

Была поўня. Але па небе вецер гнаў пашматаныя хмары, i месячык то хаваўся за ix, то зноў выныраў; па азёрнай раўніне плылі цені ад хмар. Такі цень закрыў бліжэйшую да нас частку возера. Але патроху ён адступаў да левага лясістага берага, i на залітай месячыкавым святлом гладзі вырысаваліся іншыя цені — ад нябачных людзей, што кіраваліся ў наш бок.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: