Шрифт:
— Варону зловіш, сяржант!
Зарагаталі.
А потым школа. Я не адразу нават зразумеў, што за гоман, пакуль у будыніне на другім баку вуліцы не адчыніліся дзверы i вялікая чарада дзяцей, пераважна хлапчукоў, не высыпала на двор. Звычайныя вучні, такія ж, якім колькі год назад быў я сам. Адзін выехаў з дзвярэй на плячах у свайго сябра. Другі піхнуў дзяўчынку ў снег. Трэці падбег да мяне, смела спытаў:
— Сяржант, гільза аўтаматная ёсць?
Не, гільзы ў мяне не было.
— A вінтовачныя? — дапытваўся хлапчук. — Няма? А з чаго ты страляеш?
— З пушкі.
— З якой?
— З зенітнай.
— А-а, — расчаравана працягнуў ён, махнуў рукой i пабег даганяць сяброў.
Я пашкадаваў, што не мог даць яму якой-небудзь гільзы. Можна было б завесці гаворку i распытаць, як ён жыве тут.
На другой вуліцы я сустрэў групу англійскіх маракоў. Паважныя, амаль усе высокія, у берэтах, з люлькамі, яны нагадвалі герояў з кніжак пра марскія падарожжы, якія я любіў чытаць у маленстве. Я ўпершыню ўбачыў жывых англічан i не ўтрымаўся, каб не прайсці крыху следам за імі, услухоўваючыся ў чужую мову. Яны звярнулі на мяне ўвагу, i адзін з прыязнай усмешкай працягнуў вялікую сігару.
Чырвонаармеец з тэрмасам у руках шпарка прабег міма, абыякава прывітаўся, потым спыніўся, паклікаў мяне, даверліва паведаміў:
— Піва хочаш? У сталоўцы камбіната піва даюць.
Я пайшоў за ім. У вялікай i халоднай зале, дзе большасць вокнаў забіта дошкамі (ад бамбёжак павыляталі шыбы), за півам стаяла чалавек трыццаць мужчын i жанчын. Набраць піва ў тэрмас «другу» майму не далі, але дазволілі нам, вайскоўцам, без чаргі атрымаць па кубку гэтай гаркаватай вадкасці, якую я выпіў з вялікай асалодай, хоць раней не любіў.
Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі цывільныя — рабочыя, жанчыны, які ў ix настрой. Але нейкі стары нядобразычліва спытаў:
— Што, яшчэ хочаш? Не дамо! Нябось сто грамаў кожны дзень маеш? А я забыўся ўжо, як яна пахне, дарагая. Хоць піўка панюхаю.
Мне стала сорамна, i я хуценька выкаціўся на вуліцу. Сапраўды, дзён пяць назад нам пачалі выдаваць па сто грамаў гарэлкі — ад цынгі, як тлумачыць Спірын.
Аставалася больш за гадзіну да адыходу катэра на той бераг, i я зноў пайшоў у горад. I тут, у самым цэнтры, каля Пяці Вуглоў, мяне захапіў налёт. Раптоўна i непрыемна зараўлі з усіх бакоў сірэны паветранай трывогі. Я падумаў, што яны больш наганяюць жудасці, чым бомбы. Спачатку на пустых вуліцах зрабілася мнагалюдна. Людзі беглі, клікалі адзін аднаго. Старая жанчына крыкнула мне:
— Бяжы за мной! Сховішча там, у двары.
Але я не думаў хавацца. Мне здавалася, што зенітчыку сорамна лезці ў нейкую шчыліну. Страху перад самалётамі я даўно ўжо не адчуваў. I таму па прывычцы пачаў шукаць ix у небе, каб адначасова паглядзець збоку, як страляюць нашы. Выбухі снарадаў убачыў адразу, a самалётаў угледзець не мог.
«Няўжо разрывы так далека ад цэляў? Вось жа партачы!» — лаяў я ў думках сваіх сяброў.
Першая бомба ўпала недзе ў канцы вуліцы Сталіна, у раёне таго дома, дзе жанчына выбівала дарожку, і, напэўна, трапіла ў будынак, бо высока ўгору шугануў слуп чорнага i белага дыму. Калі бомбы падаюць на голае месца, на скалы, такога дыму не бывае. Потым выбухі пачалі грымець з усіх бакоў. Я стаяў каля газетнага кіёска, пад карнізам яго фанернага даху, i назіраў. Раптам дом насупроць мяне цераз плошчу дзіўна падскочыў, нібы хацеў узляцець, але не здолеў i цяжка грымнуўся на зямлю, так, што яна аж уздрыгнула пад маімі нагамі, i сцены павольна пачалі асядаць, распадацца ў розныя бакі. Мяне загіпнатызавала гэтая магутная сіла разбурэння, асабліва калі я ўбачыў, як разам са сцяной пачалі падаць рэчы чалавечага ўжытку — шафа, стол, ложкі…
«А можа, i людзі там?» — падумаў я, i мне зрабілася страшна, успомніліся тыя дзеці, якіх я бачыў гадзіну назад, хлапчук, якому вельмі ж спатрэбілася аўтаматная гільза. У гэты момант я ўбачыў маленькага чалавечка, які бег цераз плошчу. Не, гэта не хлапчук, гэта стары, ён нахіліўся i смешна махае рукамі, у адной з ix вялікі партфель, ён быццам заграбае ім паветра, каб хутчэй бегчы. I раптам за яго спіной бліснула кароткая ўспышка агню. Узвіхрыўся снежны пыл, побач са мной пасыпалася каменне, забарабаніла па даху кіёска. Калі пыл i дым аселі, чалавека на плошчы не было.
Нехта схапіў мяне за плечы, моцна трасануў.
— Пеця! Вар'ят! Чаму ты стаіш тут? Бяжым! Хутчэй бяжым!
Я аглянуўся, убачыў Антаніну, вельмі здзівіўся, ніяк не мог уцяміць, адкуль яна ўзялася, і, аглушаны выбухам, ашаломлены толькі што ўбачаным, паелухмяна пабег за ёй; яна цягнула мяне за руку. Не помню, як мы апынуліся за руінамі дома, на заснежаным колішнім двары, i ўскочылі ў глыбокую яму.
— О Божа! — прастагнала Антаніна. — Ледзь сэрца не выскачыла. Што ты, як слуп, застыў там, пасярод плошчы? Я ўбачыла цябе яшчэ да трывогі. Ішла за табой, хацела спыніць, ды раптам трывога. Я забегла вунь там, на тым баку, у сховішча… Склеп нейкі. Там яшчэ чалавек пяць сядзела. Адна жанчына загаласіла, што ix дом разбамбілі. Я выглянула i, верыш, ледзь не самлела: стаіш ты адзін пасярод пустой плошчы. I перад табой бомба разарвалася… Здалося, зусім блізка ад цябе…
Я не адказваў.
— I цяпер, глядзі, як сэрца калоціцца. — Яна расшпіліла верхнія гузікі свайго элегантнага, беленькага, як снег, кажушка.
Я адвярнуўся, паглядзеў у неба. Там, высока ў блакіце, прайшоў «Ю-88», акружаны чорнымі букетамі разрываў.
«Кучна хлопцы б'юць! Малайцы!» — пахваліў я на гэты раз сяброў.
Бомбы глуха бухалі недзе ў заліве. Радзелі залпы батарэй. Але я ўсё яшчэ глядзеў у неба, хоць з ямы яго было відаць нямнога, — абы не сустрэцца з яе позіркам. Яна дакранулася да маёй рукі i спытала зусім іншым голасам, чым гаварыла дагэтуль, — нясмелым, дрыготкім: