Вход/Регистрация
Пан Лес
вернуться

Сыс Анатоль

Шрифт:

Сьмерць

Паводле навелаў Яраслава Пархуты
…Калі ж развіднеецца ледзь і неба месячнае згіне — там птушка белая, як смерць, свой цень на жытку маю кіне, там птушка белая як снег, цень яе, як снег, халодны, спеў яе, як крык галодны, плач яе, як д'яблаў смех, кліча, кліча мяне ў вырай, я ўжо чую ў вышыні не д'яблаў смех, а голас ліры… і слабнуць, слабнуць карані, і праразаюць плечы крылы, ні болю, ні пакут, ні страху, я толькі папрашу жывых: на смерць не трэба апранахаў — яны сіло для крыл маіх.

Смага

Цячэ з-пад каменя вада таемна, сьцішана, упарта, а ў полі сьмягнуць гавяда, ральля, гайворан і араты, нібыта з самых першых дзён ральля ня ведала расінкі, і Евін лён — дарэмны плён — вышэй зямлі, ніжэй былінкі. Гэй, узьніміся да нябёс, гайворан чорны, сябра верны, знайдзі вады блакітнай вены і камень, што ў імшары ўрос, і пабрыдуць табе наўсьлед без супачынку, безь пярэрвы і людзі, і зьвяры, і дрэвы празь сьмерць, праз жвір, праз час, празь сьвет.

*** Берасьцянымі трубамі ў небе гудуць…

Берасьцянымі трубамі ў небе гудуць журавы, берасьцянымі крыламі атуляюць дзьве зорачкі дзённыя, мая любая, гэна ж мы, паглядзі, гэна ж мы, а нябёсы блакітныя, быццам азёры прадонныя! О, як гожа і вечна вядуць карагод журавы, і паганскія гукі складаюцца ў песьні астральныя. На тым беразе неба прачнуліся зорныя львы — гэна ж ты, мая любая, песьні запела купальныя.

Агонь

У небе зьнічаваньняў трыццаць тры зьліліся у адзін Агонь адвечны, наўкол Агню зьбіраюцца вятры, іх трыццаць тры, і кожны мае сьвечку. I кожны мае іншым што сказаць ці памаўчаць — маўчаньне зразумеюць. Іх трыццаць тры, і сьвечкі іх гараць, і душы каля вогнішча гавеюць.

Бераг

Мяне выкінуў акіян на чырвоны, гарачы бераг і сказаў: гэты бераг ты да апошняй тваёй пясчынкі. I адчуў я: па мне паўзуць супраць сонца штодня вужакі і брыдуць ім наўсьлед зьвяры, пыл чырвоны нясуць на поўсьці. Нават птушкі, што ў вышыні пралятаюць да акіяна, афарбоўваюцца ў колер мой да апошняй сваёй пушынкі. Да апошняй сваёй пылінкі я належу зьвярам, вужакам і далёкім самотным птушкам на тым беразе акіяна. Я заўсёды камусь належу — хоць каханы, хоць ненавідны, я — за сонцам і супраць сонца, я — прычына бяды і шчасьця.

*** Сівыя пчолы…

Сівыя пчолы, сівыя птушкі, сівыя людзі, я заблудзіў, бадзяга, у ваш лес, дзе дацьвітае пяціпалы бэз, каб вашу мудрасьць, як раку, прыгубіць. Сівыя людзі, сівыя птушкі, сівыя пчолы, па вашых пожнях сьцелецца смуга, у вашым небе выраяў туга — там чутны голас маёй птушкі кволай. Сівыя людзі, сівыя пчолы, сівыя птушкі, прыйду да вас аднойчы назаўжды, прыйду празь сьнег, сьпякоту і дажджы, віном зь сьлязою прошласьць памянуўшы.

Зьмяіны Цар

Мой гаспадар Зьмяіны Цар, ты ведаеш, як словы над вогнішчам купальскіх чар складаюцца ў замовы. Мой гаспадар Зьмяіны Цар, сьвятлом сваёй кароны ты кажаш шлях сярод імшар у храм дуброў зялёных. Мой гаспадар Зьмяіны Цар, ад хіжакоў дубровы хаваюць дзіўны твой аўтар без абразоў і словаў. Мой гаспадар Зьмяіны Цар, твайго аблічча рысы да аўтара нясём, як дар, і я, і сёстры рысі.

Лес

Хутка змрок абцяжарыць пчаліныя лёгкія скрылцы, мёдам Лес набрыняе да сутвы нямых каранёў, але — Лес не нямы: і ў лісточку, і ў кволенькай жылцы мова тчэцца лясная зь мільярдаў лясных галасоў. Нават самы няздатны і самы глухі з чалавецтва зразумее яе і забудзе, прасьветлены ёй, пра людскую душу, што спазнала пакуты калецтва, калі смагу спатоліла брата Іюды душой.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: